Родная мова, цудоўная мова! Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі, ты самацветаў яскравая нізка.
Кожны з іх барвы дзівосныя мае, вечным агнём зіхаціць – не згарае.
Ты мне заўсёды была дапамогай, дзе б і якой ні хадзіў я дарогай.
Чую ў табе перазвоны крыніцы, чую ў табе і раскат навальніцы,
Чую павевы зялёнага бору, водгулле працы на родным прасторы.
Кажнай драбнічкай ты варта пашаны, кожнае слова вякамі стварана.
І на вякі яно жыць застаецца, вечнае так, як народнае сэрца.