Са святам вялікай Перамогі!

Дзень Перамогі – гэта радасны і светлы дзень! Менавіта дзякуючы гэтаму дню мы зараз свабодныя грамадзяне сваёй краіны  і валодаем уласным лёсам. 

Яшчэ некалькі гадоў таму, пры гутарках з людзьмі, якія перажылі ліхалецце, словы «толькі б не было вайны» здаваліся такімі далёкімі. Ну, хіба можа нешта падобнае здарыцца, калі яшчэ жывыя ветэраны тых кровапралітных баёў, калі плачуць у сне былыя малалетнія вязні Асвенцыма, калі жыве народная памяць аб спаленых жыхарах Хатыні і соцен другіх вёсак, аб загінуўшых у баях…

А сёння ўвага ўсяго чалавецтва прыкавана да трагічных падзей,  што адбываюцца на зямлі Ўкраіны, на зямлі нашых братоў. Праліваецца кроў, у полымі гінуць людзі…

Віншуючы Вас са святам Перамогі, я разумею, што сяголета яно не такое раснае, як у мінулыя гады. Але хочацца верыць, што 9 мая ўсё скончыцца, як скончылася вайна ў далёкім 1945 годзе. Таму словы беларускага народнага паэта Ніла Гілевіча, мяркую, будуць дарэчы.

Часцей, часцей прыпамінай…

 Імёны паўшых смерцю храбрых

 За родны край, наш мілы край, –

 Каб над зямлёй, што млела ў ранах,

 Плыў гэты сіні-сіні ранак,

 Цвіў гэты белы-белы май, –

 Часцей, мой друг, прыпамінай…

 

Добавить комментарий